Міні-музей у чамадане зладзілі ў Крупках

У Крупскім гісторыка-­краязнаўчым музеі ёсць звычайны, на першы погляд, экспанат — чамадан 1930-­х гадоў. Драўляны, з металічнай ручкай. Прынёс яго мясцовы жыхар Сяргей Ашураў. Але калі супрацоўнікі музея даведаліся пра лёс гаспадароў гэтай рэчы, то былі ўражаны да слёз.

— Чамадан быў зроблены ў 1921 годзе. Са сваім гаспадаром ён прайшоў усю вайну. Ацалеў і спатрэбіўся ў мірны час, — расказвае дырэктар Крупскага гісторыка-краязнаўчага музея Тамара Бальбот.

Прадзед Сяргея Ашурава, Антон, быў рукастым чалавекам. Сам зрабіў чамадан для сына Міхаіла, нават замок на ім здолеў змайстраваць. Сын паступіў на юрыдычны факультэт, вучыўся у Мінску, кожныя выхадныя наведваўся да бацькоў у Худаўцы Крупскага раёна. У адзін з такіх прыездаў у 1941 годзе Міхаіл атрымаў распараджэнне пры­быць у ваенкамат. Бацька загарнуў сыну кавалак хлеба ў ручнік, палажыў у чамадан шматок сала, бялізну. І праводзіў яго на вайну. Міхаіл Шышаноўскі трапіў у пяхоту. У 1943 годзе прымаў удзел у бітвах на Курскай дузе. Пасля цяжкага ранення апынуўся ў падольскім шпіталі, дзе прабыў год і па стане здароўя быў камісаваны. Ён склаў у чамадан увесь свой няхітры скарб: старую гімнасцёрку, пілотку, каску. На вакзале развітаўся з сябрамі-аднапалчанамі…

Дома Міхаіл пазнаёміўся з прыгожай яўрэйскай дзяўчынай Феняй. Яна была з тых нямногіх, хто ацалеў у гады вайны.

— Дзяўчына многае перажыла, — расказвае Тамара Больбот. — У пачатку вайны вучылася ў Мінску. Трапіла ў канцлагер у Германію, дзе ставілі эксперыменты над людзьмі. Феня была моцнага целаскладу. Мабыць, таму і здолела вытрымаць усе выпрабаванні. Кожны новы дзень мог стаць апошнім. Яна павінна была памерці, як і іншыя вязні. Іх, як адпрацаваны матэрыял, адпраўлялі ў печ. Дзяўчына стаяла ў чарзе на смерць, але ёй пашанцавала. Прыехаў немец, які шукаў работнікаў. Выбіраў з ліку тых, хто ідзе ў топачную. Выбраў Феню…

Дзяўчына працавала ў немца да канца вайны. Затым вярнулася на радзіму. Даведалася, што ўсіх яе родных і сяброў расстралялі ў Лебедзеве пад Крупкамі.

Пачалося мірнае жыццё. Усё стала паціху наладжвацца. Феня ажанілася з Міхаілам. Маладыя пераехалі ў свой дом. З імі вандраваў і чамаданчык. З’явіўся першынец, дачка Валянціна, чамадан спатрэбіўся для дзіцячай бялізны, потым у ім беражліва захоўваліся паштоўкі і некаторыя дзіцячыя цацкі… І тут вайна раптам нагадала аб сабе. Наступствы тых вопытаў над Феняй ў Германіі адбіліся на здароўі малой. Валя пачала хварэць і ў чатыры годзікі памерла.

— Нараджаць яшчэ яны не рызыкнулі, — кажа кіраўнік музея. — Не любілі ўспамінаць і пра вайну: для мужа і жонкі гэта быў страшэнны боль. І нават баявыя медалі Міхаіл не хацеў нікому паказваць…

Гады ішлі, фанерны чамадан пасяліўся на гарышчы, дзе яго знайшоў Сяргей і перадаў у музей. Жыццё чамадана прадоўжылася ў новай якасці.

— Чамадан захавалі ў першапачатковым выглядзе, — адзначае Тамара Уладзіміраўна. — Толькі пачысцілі, адрамантавалі замок. У ім захоўваюцца лісты з фронту, гімнасцёрка, планшэт, кабура, пілотка, папяросы. Прывозім гэты «міні-музей» ў школы, на выставы, прэзентацыі. Ужо няма ў жывых гаспадароў, а чамадан працягвае жыць і несці пра іх светлую памяць…

Чамадан Міхаіла Шышаноўскага заняў ганаровае месца ў экспазіцыі музея. Ён знаходзіцца ў ваеннай зале. Падчас экскурсій супрацоўнікі расказваюць пра гісторыю гэтай старадаўняй рэчы. А яшчэ чамадан стаў міні-музеем і сёння падарожнічае па школах Крупшчыны.

Алёна ДРАЗДОЎСКАЯ, фото аўтара

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *