Унікальныя аўтографы паказала Барысаўская бібліятэка на кніжнай выставе ў Мінску

У XXVII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы ўдзельнічаюць амаль 400 прадстаўнікоў з 30 краін свету. Адну з самых унікальных экспазіцый прэзентавала Барысаўская цэнтральная раённая бібіліятэка імя Каладзеева.

Барысаўская ЦРБ удзельнічае ў Мінскай міжнароднай кніжнай выставе ўпершыню. Экспазіцыя бібліятэкі незвычайная. У фондах установы захоўваецца адмысловая калекцыя: больш за тысячу кніг з аўтографамі пісьменнікаў, выдаўцаў, краязнаўцаў, грамадскіх дзеячаў.

— На выстаўцы мы прадэманструем, мабыць, толькі сотую частку аўтографаў, — расказвае бібліятэкар Валянціна Сакалова. — Мы рабілі копіі старонак з аўтографамі і раскладвалі іх па папках. Усё складзена такім чынам, каб была тэматычная разбіўка, а таксама размежаванне па гадах. Кожны жадаючы зможа падысці да нашага стэнда і пагартаць папкі, уласнымі вачыма пабачыць гэтыя каштоўныя подпісы.

Валянціна Сакалова рассказала як у бібліятэку трапляюць кнігі з подпісамі аўтараў.

— Шмат кніг бібліятэцы падарылі сябры пісьменнікаў Янкі Маўра, Максіма Танка, Івана Шамякіна. А вось аўтограф Міхася Клімковіча, аўтара гімна БССР, — гартае адну з папак суразмоўца. — Калісьці ў Барысаве жыў вядомы для нашага горада чалавек Яўген Замерфельд. Сярод яго сяброў і знаёмых было дастаткова пісьменнікаў. Яны падпісвалі і дарылі яму свае кнігі. Так і ўтварылася калекцыя нашага земляка.

Самы стары аўтограф датуецца 1946 годам: сваю кнігу падпісаў вядомы беларускі пісьменнік Янка Маўр. Яе бібліятэцы перадала дачка Яўгена Замерфельда.

— У нас часта адбываюцца мерапрыемствы, на якіх аўтары падпісваюць свае кнігі і дораць нашай установе, — дадае Валянціна Сакалова. — Нядаўна нас наведвала Людміла Рублеўская і падарыла сваю падпісаную кнігу. Каштоўных аўтографаў сапраўды багата, і з часам калекцыя будзе толькі павялічвацца.

Сяргей САЛАНКЕВІЧ, МЛЫН.BY

Фота: Святлана КУРЭЙЧЫК

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *