Маці-адзіночку з Барысава перасялілі ў дом, на якім вісіць шалёны доўг

Жыхарку Барысава Кацярыну Юшчанка з 10-гадовым сынам мясцовыя ўлады прымусова выселілі з дома. Барак, у якім яны туліліся, прызналі непрыдатным для жыцця. 

Наўзамен Кацярыне прапанавалі жыллё ў шматкватэрным доме. Калі жанчына аформіла яго на сябе — даведалася, што мінулы гаспадар пакінуў шалёную запазычанасць за электрычнасць. Маці-адзіночка не ведае, дзе ўзяць $340, каб пагасіць яе.

Жыллё з запазычанасцю

Кацярына Юшчанка — сацыяльная сірата. Пасля выхаду з дзіцячага дома ў 18 гадоў у спадчыну ад маці дзяўчына атрымала стары барак у Барысаве, на вуліцы Карла Маркса. Там яна пражыла 15 гадоў, пакуль не даведалася, што будынак прызналі аварыйным і яго будуць зносіць. “Барак ідзе пад знос з 2010 года, — расказвае Еўрарадыё Кацярына Юшчанка. — Але яго дагэтуль не знеслі, а толькі загадалі выселіцца жыхарам. Мне прапанавалі жыллё ў раёне старога горада. Дом без святла і з запазычанасцю ад мінулага гаспадара. Электралініі ад слупа да дома няма: яе абрэзалі праз нявыплату”.

Ад прапанаванага жылля Кацярына адмовілася і не захацела з’язджаць з дома, які атрымала ў спадчыну. Жанчына дадае, што за гады жыцця зрабіла там рамонт і стварыла нармальныя ўмовы для сябе і сына.

Унітарнае прадпрыемства “Жыллё” Барысаўскага райвыканкама, якое займаецца пытаннямі нерухомасці ў горадзе, падало на Кацярыну ў суд. Жанчыну з сынам прымусова выселілі з дома.

Кацярына з сынам.

“І ў Барысаве, і ў Мінску суд я прайграла, — працягвае Кацярына. — Прымусова разам з сынам нас выселілі летам. Пазней я пайшла заключаць дамову ў электрасетцы [Барысаўскі філіял Мінскэнерга. — Еўрарадыё] на новы дом. Даведалася, што ад мінулага гаспадара засталася запазычанасць за свет — 685 рублёў 80 капеек. Супрацоўніца [Барысаўскага філіяла Мінскэнерга. — Еўрарадыё] сказала напісаць заяву, што я не маю ніякага дачынення да запазычанасці, але яна застанецца на маім асабістым рахунку. 

У судзе пыталіся, чаму не пераязджаю, маўляў, там усё добра, заязджай і жыві. Па сваім глупстве я перааформіла на сябе гэты дом. Вось у чым праблема”.

“Няхай дакажа, што не пражывала ў доме”

Каб вырашыць праблему, жанчына пайшла ў Барысаўскі райвыканкам. Па яе словах, чыноўнікі яе выслухалі, прапанавалі ўсё выкласці пісьмова. І на гэтым усё: Кацярына не атрымала ніякага адказу.

У Барысаўскім райвыканкаме пра сітуацыю Кацярыны Юшчанка ведаюць. Улады раяць жанчыне даказваць, што яна не жыла ў кватэры, якую атрымала.


Жыллё без святла, якое прапанавалі Кацярыне.

У яе [Кацярыны Юшчанка. — Еўрарадыё] сітуацыі трэба разбірацца з арганізацыяй электрасеткі [філіяла Барысаўскіх электрычных сетак. — Еўрарадыё], — адказаў Еўрарадыё начальнік ЖКГ Барысаўскага райвыканкама Уладзімір Антановіч. — Яны заключаюць дамову непасрэдна з грамадзянінам. 

Калі было прынята рашэнне аб засяленні ў гэты дом (і яна заключыла дамову з электрасеткамі), дык да моманту заключэння дамовы ніякія запазычанасці ёй не налічваюцца. А з моманту заключэння дамовы — ідуць налічэнні. Гэта закон!”   

Чыноўнік параіў Кацярыне прыйсці ў філіял Барысаўскіх электрычных сетак і вырашаць праблему самастойна.

“Ёй далі пісьмовы адказ. Няхай звяртаецца і даказвае, што не пражывала ў гэтым доме. Адкуль вы ведаеце, што яна не была там? Яна прыходзіла ў гэтую кватэру, глядзела, хутчэй за ўсё, нешта ўключала. 

Калі запазычанасць утварылася да моманту перасялення — яна на кані. Тады няхай разбіраюцца з іншымі грамадзянамі, якія не заплацілі”, — дадаў Антановіч.  

Будуць грошы — будзе святло

У дом без святла Кацярына з сынам так і не заехала. Аплачваць чужыя запазычанасці яна адмаўляецца, маўляў, ёсць куды траціць грошы.

Былое жыллё Кацярыны і яе сына

З лета 2019 года Кацярына з сынам жыве ў сяброўкі. У разлікова-сэрвісным цэнтры яна ўзяла даведку, што запазычанасць у кватэры ўтварылася яшчэ ў 2014 годзе. Сама Кацярына ў той час жыла ў бараку ў іншым баку горада.

Але ўсё марна: запазычанасць з яе спісваць не хочуць. А без гэтага ў кватэру немагчыма правесці святло.

“Чаму я мушу аддаваць чужы доўг? — абураецца жыхарка Барысава. — Я не жыла ў доме, не карысталася там нічым. І як я магла карыстацца, калі там няма электралініі?!

Чаму сваё жыллё я пакінула са святлом і без запазычанасцяў, а мне такое прапанавалі?”

“Усе запазычанасці мусіў закрыць райвыканкам”

У філіяле Барысаўскіх электрычных сетак Еўрарадыё адказалі каротка: закрыюць доўг — правядзём святло.

Даведка пра запазычанасць

“Асабіста да мяне з гэтай праблемай не звяртаўся чалавек, — сказаў Еўрарадыё галоўны інжынер Аляксандр Гулай. — Калі жыллё выдзяляў выканкам, дык яны мусілі закрыць усё запазычанасці на старым асабістым рахунку абанента. Яны ж гэты дом не з паветра ўзялі, правільна? 

І ёй выдаваць [жыллё. — Еўрарадыё] з нулявымі лічбамі. Пытанне па закрыцці доўгу першапачаткова мусіць вырашаць выканкам. Падключыць святло мы можам, калі будзе закрыты доўг”.

Юрыст: праблему мусіць вырашаць райвыканкам

Юрыст Алег Граблеўскі ў каментары Еўрарадыё пацвердзіў, што сітуацыю з запазычанасцю ў кватэры Кацярыны Юшчанка павінны вырашаць мясцовыя ўлады: 

“Жыллё давалася па рашэнні райвыканкама. Трэба звярнуцца ў райвыканкам, каб яны [улады. — Еўрарадыё] пагасілі запазычанасць. Гэта іх адказнасць. Калі ў кватэры не было святла, дык як магла ўтварыцца запазычанасць?

Папера аб прымусовым высяленні Кацярыны і яе сына

Што трэба зрабіць? Звярнуцца ў выканкам, каб пагасіць запазычанасць на дом, які ёй [Кацярыне Юшчанка. — Еўрарадыё] далі, бо запазычанасць была раней. У выпадку адмовы яе трэба абскардзіць у Барысаўскім райвыканкаме, а потым у Мінаблвыканкаме. А калі зноў будзе адмова, трэба ісці ў суд, каб ён вырашыў, чаму гэтая запазычанасць утварылася, у які перыяд і ці меў права райвыканкам даваць жыллё з запазычанасцю.

Адначасова ў райвыканкам можна накіраваць і яшчэ адзін зварот, — дадае Граблеўскі. — Каб ёй далі адрасную матэрыяльную дапамогу, каб пагасіць запазычанасць за святло, якая ўтварылася не па яе віне. А калі жанчына ўжо звярталася ў райвыканам і ёсць пісьмовы адказ, дык яго можна ўжо абскарджваць у Мінаблвыканкаме, каб там далі прававую ацэнку сітуацыі. Даказваць, што ўтварылася запазычанасць, мусіць не яна, а выканкам. Калі ёй спатрэбіцца дапамога, няхай звяртаецца”, перадае euroradio.fm    

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *