У «Снежаньскiм карагодзе» — сёмы фестываль творчасці інвалідаў прайшоў у Барысаве

Людзі з абмежаванымі магчымасцямі з розных рэгіёнаў Мінскай вобласці падзяліліся цяплом душы з усімі, хто завітаў на традыцыйны фестываль «Снежаньскі карагод» у Барысаве.

Інваліды па слыху, па зроку, калясачнікі, выхаванцы аддзяленняў дзённага знаходжання ТЦСАН сабраліся 10 снежня у гарадскім Палацы культуры імя Горкага.

Са сцэны гучалі песні — ад народных да эстрадных, а глуханямыя спевакі выкарыстоўвалі мову жэстаў. Усяго было 17 канцэртных нумароў.

Бурнымі апладысментамі сустракалі гледачы ўлюбёнца публікі, пераможцу рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Уладзіслава Шпакоўскага. Выдатным вакалам парадавалі і Пётр Піліпенка, Анатоль Белый, Анастасія Мірановіч.

Насця Мірановіч не толькі захапляецца музыкай. У яе шыкоўныя працы з бісеру. Працуе толькі на навобмацак, усё робіць пад дыктоўку мамы. Работы дзяўчынкі, як і астатніх удзельнікаў фестывалю, можна было ўбачыць перад канцэртам на выставе-кірмашы. Там маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 31 года дэманстравалі выдатныя вырабы — напрыклад, з салёнага цеста, у тэхніках нятканы габелен, аплікацыя і іншых.

Крэатыўным нумарам радавалі ўдзельнікі народнага ансамбля народнай песні «Любава» Барысаўскага філіяла УП «Святлопрыбор» — іх нумар складаўся з жартоўных прыпевак і народных песень. А шумавы ансамбль «Настрой» з Маладзечна здзівіў майстэрствам гульні на лыжках. Напярэдадні навагодніх святаў не абыйшлося без сюрпрызаў — нумароў з пераўвасабленнямі. Да прыкладу, калектыў «Фіеста» з Копыля прэзентаваў музычна-тэатральную кампазіцыю «Шлях да мараў».

— Падобныя мерапрыемствы — доказ таго, што для людзей з абмежаванымі магчымасцямі дзень за днём ствараюцца ўсе ўмовы для спрыяльнага і камфортнага жыцця, — адзначыла старшыня камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама Тамара Красоўская. — Фестываль праводзіцца сёмы раз і з кожным годам аб’ядноўвае ўсе больш і больш таленавітых людзей Міншчыны, чые творчыя работы выкананы з неверагоднай любоўю.

Паводле слоў дырэктара ТЦСАН Барысаўскага раёна Вольгі Капыток, фестываль «Снежаньскі карагод» стаў добрай традыцыяй Барысаўшчыны.

— Мы вельмі рады, што фестываль «Снежаньскі карагод» набывае ўсё большую папулярнасць сярод жыхароў нашага і іншых раёнаў, — адзначыла яна. — Для людзей з абмежаваннямі ўдзел у фестывалі такога маштабу — магчымасць праявіць сябе, стаць больш кантактнымі, знайсці новых сяброў. Мерапрыемства таксама мае вялікае значэнне для сацыяльнай адаптацыі інвалідаў, спрыяе развіццю іх творчых здольнасцяў.

Дадаткова

Канцэртную праграму падрыхтавалі члены Беларускага таварыства глухіх, Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, Беларускага таварыства інвалідаў і выхаванцы аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН Барысаўскага раёна.

Алёна ДРАЗДОЎСКАЯ, МЛЫН.BY

Фота: Таццяна САКОВІЧ

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *