Юныя майстры Міншчыны прымуць удзел у рэспубліканскай выставе-конкурсе «Між зямлёй і сонцам»

У выставачнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі 26 верасня адкрыецца рэспубліканская выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Між зямлёй і сонцам». Тут свае работы ў розных відах і тэхніках керамікі і мастацкай апрацоўкі саломкі прадставяць школьнікі з усіх куткоў Беларусі. За перамогу ў прэстыжным конкурсе таксама паспаборнічаюць маладыя таленты Мінскай вобласці.

— На выставе-конкурсе будуць прадстаўлены 60 індывідуальных і калектыўных работ навучэнцаў вобласці па кірунках «Мастацкая апрацоўка саломкі» і «Кераміка». Усе яны прайшлі раённыя і абласны этапы конкурсу, і вось цяпер трапілі на “рэспубліку”, — патлумачылі карэспандэнту МЛЫН.BY у галоўным упраўленні па адукацыі Мінаблвыканкама.

Дарэчы, у раённых этапах конкурсу прынялі ўдзел больш за паўсотню творчых работ, у абласным — каля 160. З іх адабралі 60 найлепшых і арыгінальных вырабаў. Гэта керамічныя работы навучэнцаў заслужанага аматарскага калектыву Беларусі студыі «Скарбонка» і саламяныя шэдэўры навучэнцаў заслужанага аматарскага калектыву Беларусі студыі «Беларускі сувенір» цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Салігорскага раёна. А таксама работы юных майстроў народных студый Мінскай вобласці, аб’яднанняў па інтарэсах, якія працуюць з саломкай і керамікай.

— Міншчына багатая на таленавітых педагогаў і не меней таленавітых вучняў. У кожным раёне ёсць аб’яднанні, гурткі па інтарэсах, дзе дзеці з малых год займаюцца дэкаратыўна-прыкладной творчасцю. Хлопчыкі і дзяўчынкі ператвараюць гліну ў лялькі, цацкі, кветкі, жывёлін. Таксама вучацца вырабляць прадметы побыту: посуд, падсвечнікі, упрыгожванні і нават складаныя арт-аб’екты, — расказалі ў галоўным упраўленні па адукацыі. — Вялікай папулярнасцю карыстаецца і мастацкая апрацоўка саломкі: школьнікі робяць лялькі, анімалістычная скульптуры, капелюшы, упрыгожванні. І, канешне, падвесныя канструкцыі з саломы — павукі, сімвалы сямейнага дабрабыту. Сёння адраджэннем саламянага павука як відам дэкаратыўна-прыкладной творчасці займаюцца майстры саломапляцення ў розных кутках Мінскай вобласці, перадаюць свой вопыт маладым.

Выстава-конкурс праводзіцца ў намінацыях «Захаванне беларускіх нацыянальных традыцый», «Арыгінальная ідэя і творчае рашэнне». Пераможцы і прызёры вызначаюцца ў трох узроставых катэгорыях: 8—10, 11—13 і 14—16 гадоў.

Галіна НАРКЕВІЧ, МЛЫН.BY

Фота: з архіва галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама и Национальный центр художественного творчества детей и молодежи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *