З клопатам пра дзяцей: Беларускі саюз жанчын з падарункамі наведаў Барысаўскі рэгіён

28 жніўня адразу некалькі адрасоў клопату пра дзяцей выбралі прадстаўнікі Прэзідыума Беларускага саюза жанчын у Барысаўскім раёне. Сустракаў гасцей кіраўнік рэгіёна Генадзь Дзенгалёў. Дэлегацыя на чале з намеснікам старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Ліліяй Ананіч наведала Дзіцячы сацыяльны прытулак Барысаўскага раёна і Мсціжскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэднюю школу.

Падчас размовы са старшынёй Барысаўскага райвыканкама Генадзем Дзенгалёвым з’явілася цікавая задумка арганізаваць у рэгіёне Клуб землякоў Барысаўшчыны. Лілія Ананіч адзначыла, што падобныя сустрэчы праходзяць на яе малой радзіме — у вёсцы Леванова Барысаўскага раёна.

— Гэта сапраўды выдатная задумка, якую можна сумеснымі намаганнямі ўвасобіць у жыццё, — адзначыла Лілія Ананіч. — Шосты год у вёсцы Леванова праходзіць свята землякоў, на якое збіраюцца цэлымі сем’ямі, прыязджаюць з розных куткоў.

На рахунку Беларускага саюза жанчын шмат добрых канкрэтных спраў. Пяць гадоў таму менавіта саюзам была ініцыявана акцыя «Збярэм ранец разам!».

— Сёння акцыя набыла шырокае грамадскае гучанне, — адзначыла Лілія Ананіч. — Неабыякавыя людзі, арганізацыі і прадпрыемствы дапамагалі нам сабраць так патрэбныя дзецям школьна-пісьмовыя прылады, карысныя падарункі, кнігі. Асабліва нам хочацца падтрымаць дзяцей, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, шматдзетныя сем’і і сем’і, дзе выхоўваюць дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, пабываць у глыбінцы. Але самае галоўнае — не толькі забяспечыць iх усім неабходным для школы, абуць, апрануць, а разам працягнуць руку дапамогi. Сто разоў акупяцца ў дзяржаўным маштабе намаганні ўсіх, хто клапоціцца аб падрастаючым пакаленні.

У Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І. Х. Каладзеева зайшла размова пра новы сацыяльна-творчы праект Беларускага саюза жанчын «Сямейнае чытанне». У хуткім часе будуць выдадзены зборнiкi твораў для сумеснага чытання бацькоў і дзяцей. Лілія Ананіч выказала надзею, што бібліятэка стане актыўным удзельнікам гэтага праекта.

— У час інтэрнэту далёка не ўсе бацькі гатовы аддаваць перавагу выхаванню праз чытанне. Таму асаблівую ўвагу трэба звярнуць на тое, чым будуць заняты нашы дзеці ў пазаўрочны час, — удакладняе Лілія Ананіч. — Праект «Сямейнае чытанне» накіраваны на ўмацаванне сям’і, узаемаразуменне паміж старэйшымі і малодшымі, дапамагае крок за крокам фарміраваць багаты ўнутраны свет дзіцяці. Сямейнае чытанне стварае прастору даверу і абароненасці дзіцяці, умацоўвае сям’ю. Кнігі серыі «Сямейнае чытанне» могуць стаць добрай сямейнай рэліквіяй і перадавацца ад бацькоў дзецям.

Прадстаўнікі Беларускага саюза жанчын таксама наведалі выхаванцаў Барысаўскага сацыяльнага прытулку. Пазнаёміліся з педагагічным вопытам і адукацыйным працэсам ва ўстанове. У падарунак — мяккія яркія крэслы, кожнаму дзіцяці ў рукі — камплекты школьна-пісьмовых прыладаў. Папоўнілі таксама і бібліятэку ўстановы новымі вучэбна-метадычнымі дапаможнікамі для настаўнікаў.

Нікога не пакінуў абыякавым дзіцячы канцэрт. Апладысменты і прысмакі сталі заслужанай узнагародай юным артыстам.

Беларускі саюз жанчын у Мсціжскім вучэбна-педагагічным комплексе.

Як адзначыла Лілія Ананіч, менавіта адсюль у Год малой радзімы і год 75-годдзя вызвалення Беларусі пачне сваё шэсце па барысаўскiх школах перасоўная выстава Беларускага саюза жанчын «Жаночы твар Перамогі».

Нагадаем, гэты патрыятычны праект Беларускі саюз жанчын запусціў у гэтым годзе. Ён прысвечаны жанчынам ваеннага пакалення. Актывісты грамадскай арганізацыі вывучаюць, колькі вуліц у краіне названа імёнамі вядомых суайчынніц, падымаюць архіўныя дакументы, дзе ідзе аповед аб жанчынах, якія нараўне з мужчынамі абаранялі Радзіму, працавалі ў тыле, выхоўвалі дзяцей.

— Гэта не разавая акцыя, гэта вялікая праца нашага аб’яднання па захаванню і ўмацаванню патрыятычнай памяці. Праект завершыцца ў наступным годзе, у год 75-годдзя Перамогі, прэзентацыяй кнігі з аднайменнай назвай, — дадала Лілія Ананіч.

І, канешне ж, навучэнцы школы атрымалі падарункі: школьныя прылады, ранцы і флэшкарты з лагатыпам II Еўрапейскіх гульняў.

Алёна Драздоўская, МЛЫН.BY

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *