Хто і чаму назваў прыпынак Пячынскі?

Абноўлены будынак чыгуначнага прыпынку вайсковага гарадка Печы цешыць вока жыхароў, але некаторыя не разумеюць, чаму яго назвалі  “Пячынскі” замест “Печынскі”.

Мабыць дырэкцыя Беларускай чыгунцы вырашыла перайменаваць прыпынак, які некалі наогул называўся “Печы”?

Вось што пра гэта кажа Іван Белы, вядомы ў горадзе журналіст, які шмат гадоў выкладаў беларускую мову.

— Да мяне звярталіся з гэтым пытаннем жыхары Барысава. Былы вайсковы гарадок, а зараз мікрараён горада мае назву Печы. Таму прыметнік павінен гучаць як Печынскі, а не Пячынскі. Але ўвогуле, чаго было мудрыць? Чаму не пакінуць назву Печы? Прыпынак «Барсукі» не завецца Барсукоўскім, і прыпынак «Жодзіна» — Жодзінскім. Навошта было прыдумляць недакладную назву?

Думку Івана Белага падтрымлівае і Міхась Мацельскі, краязнаўца, рэдактар выдання “Гоман Барысаўшчыны”.

— Барысаўскаму раёну не шанцуе ў гэтым сэнсе. Дастаткова ўзгадаць прыпынак “Пралетарская перамога”, які чыгуначнікі ўпарта і недарэчна называюць “Пралетарская пабеда”. Гэтак атрымалася і з «Пячынскім». Вёска, ад якой атрымаў назву ваенны гарадок, а потым і прыпынак, мела назву Печы. Пэўна, той, хто складаў спіс назваў прыпынкаў, не ўнікаў у паходжанне назвы.

Дарэчы, за вяртанне назвы “Пралетарская перамога” чыгуначнаму прыпынку даволі доўга змагаўся праваабаронца Алег Мацкевіч. Але і сёння на шыльдзе чыгугачнага прыпынку напісана “Пралетарская пабеда”.  Гэта пры тым, што на адлегласці ў некалькі дзясяткаў метраў на шыльдзе, якая пазначае населены пункт ёсць надпіс “Пралетарская перамога”. У чым справа?  

—Яяшчэ ў 2014 годзе я звяртаўся са скаргамі ў шматлікія інстанцыі, у тым ліку ў Мінтранспарта й камунікацый і да старшыні Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАНБ, — пацвердзіў Алег Мацкевич. —  Назву “Пралетарская пабеда” чыноўнікі апраўдвалі тым, што яна ўключана ў даведнік станцый і прыпынкаў Беларускай чыгункі і сумежных краінаў на беларускай мове. Паразуменне мая пазіцыя знайшла менавіта ў кіраўніцтва Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАНБ.

Старшыня камісіі І. Капылоў адказаў, што назва “Пралетарская пабеда” была замацаваная ў праекце электроннага “Даведніка станцый і пунктаў прыпынку Беларускай чыгункі і сумежных дзяржаў”, перададзенага Беларускай чыгунцы. Гэта быў не канчатковы варыянт, паколькі ў даведніку многія назвы пунктаў прыпынку патрабавалі ўдакладнення напісання на беларускай і рускай мовах. Да “праблемных” назваў належала і “Пралетарская перамога (пабеда)”. У даведніку пакінулі гэтую назву са знакам “*”, што ўказвала на неабходнасць далейшага ўзгаднення напісання. Але адказныя прадстаўнікі Белчыгункі не ўлічылі заўвагаў распрацоўшчыкаў і самастойна змянілі “перамогу” на “пабеду”.

Пасля вывучэння пытання прадстаўнікі камісіі прыйшлі да высновы аб памылковасці назвы з ужываннем слова “пабеда”, і палічылі мэтазгодным захаваць ранейшую назву “Пралетарская перамога”. Таксама старшыня камісіі выразіў спадзеў, што недарэчная сітуацыя будзе ў бліжэйшы час выпраўлена. Ён накіраваў свае меркаванні ў кампетэнтныя органы.

— Я таксама зрабіў яшчэ некалькі зваротаў у дзяржструктуры, — удакладніў Алег Мацкевіч. — Дзяржаўны камітэт па маёмасці адказаў, што пасля нармалізацыі найменняў чыгуначных аб’ектаў назва прыпынку зменіцца на “Пралетарскую перамогу”. Праз паўгода, заўважыўшы, што “пабеда” застаецца на месцы, я звярнуўся да кіраўніцтва Белчыгункі. У адказе намеснік начальніка У. Балахонаў напісаў, што ў чэрвені 2015 года адбылося паседжанне Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў. Згодна пратаколу паседжання камісія вырашыла дадаткова ўдакладніць спіс і перадаць яго чыгунцы. Але на той момант спіс у распараджэнне кіраўніцтва чыгункі так і не паступіў.

Прайшло пяць год… Пэўна, трэба турбаваць дзяржаўных чыноўнікаў ізноў. У тым ліку аб выкарыстанні назвы “Пячынскі”, распавядае ex-press.by

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *