13 – 14 красавіка 2019 года ў Беларусі і замежжы пройдзе Фэст экскурсаводаў

18 красавіка ва ўсім свеце па ініцыятыве ЮНЭСКА адзначаецца Міжнародны дзень помнікаў і мясцінаў. У Беларусі да гэтага свята прымеркаваны Фэст экскурсаводаў, падчас якога бясплатна можна трапіць на самыя разнастайныя ўнікальныя экскурсіі па ўсёй краіне, а таксама ў замежжы.

Кожны дзень, ідучы на працу ці заняткі, мы абмінаем унікальныя помнікі культуры, архітэктуры, прыроды, але нават не здагадваемся пра гэта. Дзякуючы Фэсту экскурсаводаў ёсць магчымасць звярнуць увагу беларускага грамадства на тыя помнікі, якія знаходзяцца побач з намі. Часам мы нават не ўяўляем, наколькі багатая гісторыя тых месцаў, дзе мы жывём, працуем ды звыкла бавім свой час. Веданне гісторыі свайго краю, раёна, горада, вёскі – гэта падстава для гонару сваёй Радзімай! Вандроўкі ў межах Фэста – гэта не толькі пра велічныя замкі і манументальныя палацы, але і пра дарагія сэрцу невялікія дамкі, заняпалыя сядзібы – усё, што стварае непаўторнасць роднага краю.

Сёлета Фэст экскурсаводаў юбілейны: свята, якое адбудзецца 13 – 14 красавіка, ладзіцца ў дзясяты раз. У яго межах адбудуцца шматлікія экскурсіі па ўсёй краіне, таксама чакаюцца вандроўкі па беларускіх мясцінах у замежжы. Падрыхтаваны і юбілейныя навінкі: квэсты для дзяцей і дарослых, незвычайныя маршруты па «звычайных» мясцінах. Пашырыцца і разнастайнасць экскурсій. Вандроўкі ў межах Фэста запланаваны дзіцячыя, храмавыя, тэматычныя, экскурсіі для людзей з інваліднасцю, экскурсіі на прамысловыя прадпрыемствы.

Стваральнікі Фэста экскурсаводаў не ставяць сабе мэту павялічыць колькасць бясплатных экскурсій, але будуць больш пільна адсочваць іх якасць. Традыцыйна экскурсіі ў межах Фэста экскурсаводаў могуць праводзіць не толькі прафесійныя экскурсаводы, але таксама выкладчыкі гісторыі, краязнаўцы, даследчыкі пэўнай эпохі, асобы, тэматыкі ці рэгіёна. Таму часта ў Фэсце прымаюць удзел мастацтвазнаўцы, гісторыкі, культуролагі, архівісты, архітэктары, рэстаўратары і іншыя спецыялісты. Такія экскурсіі заўжды адметныя і папулярныя, бо на іх можна дазнацца каштоўныя звесткі пра той ці іншы аб’ект ад сапраўдных прафесіяналаў сваёй галіны.

Ідэя Фэста экскурсаводаў нарадзілася ў 2009 годзе ў асяродку неабыякавых да гісторыі людзей, і з года ў год ён пашыраецца і выклікае вялікую цікавасць у наведвальнікаў. Адбылося ўжо дзевяць фестываляў, якія наведалі тысячы ўдзельнікаў, прайшлі сотні цікавых разнапланавых экскурсій. За гэты час у Фэста з’явіліся пастаянныя наведвальнікі і шматлікія прыхільнікі, якія з нецярпеннем чакаюць штогадовае свята экскурсій.

Арганізатарамі Фэста экскурсаводаў-2019 выступаюць Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІCOMOS), грамадскае аб’яднанне «Беларускi фонд культуры» і Нацыянальнае агенцтва па турызме.

Падрабязную інфармацыю можна даведацца па тэлефоне +375 29 863 21 50 (Таццяна Гайдук), а таксама на сайце фестываля festguides.by.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *