Мы в соцсетях:

17-05-2018 12:17

Культура


Знаемцеся: пiсьменнiк Кiрыл Стаселька

У сярэдзіне сакавіка ў Барысаве адбылася прэзентацыя кнігі Кірыла Стаселькi «Маргіналіс», якая стала рэкардсменам беларускай літаратуры. Толькі праз два месяцы мы здолелі сустрэцца з аўтарам і паразмаўляць падчас маёй камандыроўкі ў Мінск. Як вынік нашай размовы – гэтае інтэрвью.

Кірыл нарадзіўся ў Барысаве ў 1990 годзе, але неўзабаве бацькі пераехалі ў сталіцу на вучобу ва ўніверсітэт. У Мінску маленькі хлопчык пайшоў у дзіцячы садок.

 – Калі ж надыйшоў час ісці ў школу, мяне зноў прывезлі ў Барысаў да цёткі і дзядзькі, якія працавалі ў СШ­22 настаўнікамі. Дарэчы, раней цётка час ад часу брала мяне з сабой на працу. Такiм чынам я пазнаёміўся амаль з усімі сваімі будучымі настаўнікамі, – распавядае Кірыл.

 Цікаўнаму хлопчыку было вучыцца лёгка, а яшчэ ён хутка сыходзіўся з сябрамі.

 – Спачатку вучыўся не дужа добра, паколькі мяне больш вабіў футбол, тэніс, каратэ ды плаванне. Гады тры хадзіў на гімнастыку. Яшчэ захапляўся авіямадэлізмам, – распавядае Кірыл. Дарэчы, у пятым класе бацькі перавялі яго ў мінскую школу.

 – Але там было некамфорта: і настаўнікі, і аднакласнікі былі нейкія не такія. Кожны з іх – сам па сабе. А яшчэ сумаваў па барысаўскім сябрам. І колько было радасцІ, калі я зноў вярнуўся ў Барысаў.

 – Калі ты напісаў першае апавяданне?

– У старэйшых класах пачаў цікавіцца гісторыяй. Быў такі прадмет «Чалавек і грамадства», ён мне даваўся больш за ўсіх. У 9 і 10 класах хадзіў у студыю маладых журналістаў. Былі такія курсы для школьнікаў пры рэдакцыі адной з рэгіянальных газет, дзе я пачаў назіраць за тым, што адбывалася навокал, і пісаць тое, што бачыў.

 – Ці быў у тваім жыцці нейкі чалавек, на якога хацелася быць падобным?

–Так, гэта мой родны дзядзька, якога я адзначыў у «Маргіналісе» – Уладзімір Львовіч быў маім настаўнікам, як кажуць, па жыцці. Гэта вельмі цікавая асоба – жыў у блакадным Ленінградзе, у свой час працягла працаваў у Афрыцы.

 – Колькі асобных кніжак ты выдаў?

 – Пакуль толькі дзве кніжкі «Дзіцячы маніфест» і «Маргіналіс». У першую ўвайшлі некалькі асобных апавяданняў і адна аповесць, якія друкаваліся раней ў розных часопісах. Я нават не марыў, што атрымаецца невялічкая кніжка. А «Маргіналіс» пісаў як насычаны і захапляльны філасофскі раман, дзеянні якога ахопліваюць больш за чатыры стагоддзі, дзе паўтары сотні персанажаў і дзесяць краін, мноства сюжэтных ліній ды псіхалагічных матываў, якія складаюцца ў адно цэлае.

 Дзеяннi разгортваюцца вакол  уладальнікаў адной старажытнай кнігі. У пошуках сябе і свайго «я» героі рамана прыходзяць да разумення, што часам не меншае значэнне мае, што знаходзіцца на палях, за цэнтрам,за межамі гісторыі, жыцця, увагі.

Трэба адзначыць, што раман Кірыла Стаселькі «Маргіналіс» высока ацанілі крытыкі. Пра яго шмат пісалі ў інтэрнеце, адзначаючы, што гэта праца з’яўляецца самым насычаным творам беларускай літаратуры. У рамане сустракаюцца не менш 136 персанажаў, што нават зафіксавана беларускім аналагам Кнігі рэкордаў Гінэса – праектам «Рэкорды Куфара».

 – Чаму «Маргіналіс»? Адкуль назва і што гэта значыць?

 – Маргіналіс – з лацінскай мовы перакладаецца як палі. Раней, калі кнігі былі рукапіснымі, яны складаліся з тэкстаў і прыгожых арнаментаў на палях. Часам гэтыя палі прыцягвалі ўвагу нават больш, чым сам змест напісанага. Вось і я імкнуўся ў рамане скіраваць чытача за палі. Людзі чытаюць тэкст і робяць розныя важныя заўвагі на палях. І гэта павінна быць больш важным для таго, хто чытае тое, што я напісаў. Мне хацелася, каб чалавек не проста прачытаў, закрыў кнігу і сказаў: «Цікава». Галоўнае – каб ён задумаўся і зазірнуў у сваю душу.

 – Акрамя Барысава, праводзілася прэзентацыя тваёй кнігі дзесьци ў іншых гарадах?

 – За апошні час прэзентацыя адбылася ў Віцебску, Магілёве, Гомелі, Гародні, Берасце, Мінску. З «Маргіналісам» знаёміліся чытачы ў Вільні, Варшаве, Будапешце.

 – Кірыл, табе, напэўна, падабаецца вандраваць? У якіх краінах удалося пабываць? Якія хацелася б наведаць?

 – Так, вандраваць, канешне, люблю. Наведаў больш за 30 краін свету. Шмат ездзіў па былому Савецкаму Саюзу, Еўропе. Аднойчы завітаў на Кубу. Гэта краіна спадабалася, дзе хацелася б пажыць пэўны час. А яшчэ бываў у Грузіі, дзе жывуць цудоўныя гасцінныя людзі.

 – Пісьменнік – гэта занятак альбо праца?

 – На дадзены момант я з’яўляюся навуковым супрацоўнікам Акадэміі навук, дырэктарам «Агенцтва інфармацыйных тэхналогій «Буцэфал», кіраўніком інтэрнэт­часопіса infographer. Калі шчыра, хобі і праца для мяне адно і тое. Гэта маё жыццё.

 – Напэўна ты шчаслівы чалавек, паколькі любіш сваю справу?

 – Магчыма так, – усміхаецца Кірыл і дадае. – Я вельмі люблю наш Барысаў, асабліва яго старую частку. Калі прыяджаю дамоў, дык абавязкова бываю ў гарадскі парку, потым шпацырую па маленькім вулачкам прыватнага сектару, каля баракаў, дзе цішыня. Тут да мяне прыходяць новыя вобразы, яўляюцца цікавыя ідэі. У «Маргіналісе» таксама ёсць эпізоды, якія адбываюцца ў Барысаве, – на развітанне прызнаецца малады пісьменник.

 Напрыканцы застаецца зазначыць, што папярэдняя кніга Кірыла Стаселькі «Дзіцячы маніфест» была намінаваная на шэраг літаратурных прэмій і ў прыватнасці трапіла ў шорт­ліст прэміі «Дэбют» і лонг­ліст «Гедройца».

Вольга ПЛЯТЭР

381

Поделиться:

Комментарии ()



    Написать комментарий: