Мы в соцсетях:

13-02-2018 17:00

Местные новости


ВЫБАРЫ Ў МЯСЦОВЫЯ САВЕТЫ ДЭПУТАТАЎ

 

ВЫБАРЫ Ў МЯСЦОВЫЯ САВЕТЫ ДЭПУТАТАЎ

18 лютага 2018 года

АБРАМОВІЧ АЛЯКСАНДР МІХАЙЛАВІЧ 
Старшыня Мінскага абласнога камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) 

Паважаныя выбаршчыкі Барысаўскай цэнтральнай выбарчай акругі №28! 
Паважанныя жыхары Барысава і Міншчыны!
 

 

 

Я, Абрамовіч Аляксандр Міхайлавіч, вылучаны кандыдатам у дэпутаты Мінскага абластнога савета па 28-й Барысаўскай цэнтральнай выбарчай акрузе ад Мінскага абласнога камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). Мясцовыя выбары пройдуць, як вядома, 18 лютага гэтага года. 

Грамада была адноўлена ў пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя, а яе папярэдніцай з’яўляецца Беларуская сацыялістычная грамада, якая была створана незадоўга перад першай рэвалюцыяй 1905-1907 гадоў у Расійскай імперыі. Тады ў яе шэрагах змагаўся, у прыватнасці, класік нацыянальнай паэзіі Максім Багдановіч, імем якога названы многія вуліцы беларускіх гарадоў. 

Мне 57 гадоў. Па нацыянальнасці я беларус, знаходжуся ў шлюбе. У 1977 годзе скончыў СШ №8 у Барысаве. Працоўную дзейнасць пачаў слесарам механа-сборачных работ на Барысаўскім прадпрыемстве «Чырвоны металіст». Пасля заканчэння ў 1983 годзе з адзнакай педагагічнага інстытута па спецыяльнасці «гісторыя і англійская мова» служыў у арміі, а далей працаваў у навучальных установах Барысава, быў індывідуальным прадпрымальнікам, сузаснавальнікам і дырэктарам барысаўскай вытворча-камерцыйнай фірмы «Каларыт» і юрысконсультам на фірме «Фудакан». 

Актыўна выяўляў сябе як праваабаронца, атрымаўшы ў 2001 годзе прэмію вядомай у краіне праваабарончай арганізацыі «Хартыя-97» у намінацыі «За асабістую мужнасць». Доўгі час узначальваў Барысаўскую арганізацыю БСДП (Грамада), а зараз узначальваю яе Мінскую абласную арганізацыю. Па выхаду на пенсію працягваю займацца праваабарончай і журналісцкай дзейнасцю – узначальваю мясцовае аддзяленне Міжнароднай асацыяцыі абароны правоў чалавека, з'яўляюся членам Беларускай асацыяцыі журналістаў. 

У мяне было дастаткова часу зацвердзіцца ў сваіх праграмных поглядах падчас адбыцця двух дзесяткаў адміністрацыйных арыштаў па палітычных матывах працягам ад трох да трыццаці пяці сутак кожны ў ізалятарах часовага ўтрымання. У агульнай колькасці я правёў за кратамі звыш 6і месяцаў за арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваных, на думку ўладаў, акцыях пратэсту супраць рэжыму асабістай улады, які ўсталяваў Аляксандр Лукашэнка. У мяне быў час паразважаць пра сітуацыю на Беларусі пад час трохгадовай змушанай эміграцыі ў 2001-2004-ты гады ў статусе палітычнага ўцекача ў Польшчы, Аўстрыі і ЗША. 

Назапашаны ў эміграцыі вопыт і магчымасць працяглага назірання за рэчаіснасцю перадавых краінаў свету яшчэ больш пераканалі мяне ў правільнай прынцыповай пазіцыі БСДП (Грамада) па аднаўленню законнасці на Беларусі, развіццю рынкавай эканомікі. Таму я падтрымліваю, напрыклад, ініцыятывы вядомага барысаўскага праваабаронцы і бізнесоўца Ігара Ледніка па прыцягненню буйных інвестыцыяў добрасумленных інвестараў у эканоміку Барысаўшчыны шляхам стварэння адмысловай фінансава-прамысловай групы і інтэграцыі Беларусі з краінамі Усходняга партнерства ў Адзіны лічбавы рынак ЕС. 

Для мяне вельмі важным з’яўляецца абарона правоў уласнасці. Гэта тычыцца таксама абароны правоў падаткаплацельшчыкаў і бізнесоўцаў, як індывідуальных прадпрымальнікаў, так і ўласнікаў малога і сярэдняга бізнесу. Нагадаю, што аблсаветы зацвярджаюць стаўкі адзінага падатку для ІП. 

Мяне таксама хвалюе лёс нашых дзяцей і моладдзі. Нагадаю, я па адукацыі педагог. Таму ведаю, што правы чалавека пачынаюцца з правоў дзіцяці. Абарона правоў дзяцей як у нашым рэгіёне, так і на Беларусі — гэта асобнае і важнае пытанне, якое заслугоўвае самай пільнай увагі. Палепшыць становішча дзяцей і сітуацыі ў сферы абароны іх правоў — у нашых сілах. Айчынная юрыдычная думка прапануе заснаваць на Беларусі інстытут праваабаронцы правоў дзіцей (амбудсмэна). 

Аднак перад укараненнем значнага новаўвядзення ў краіне, на мой погляд, мэтазгодна ідэю апробаваць у асобных, найбольш падрыхтаваных рэгіёнах. Улічваючы сур'ёзныя напрацоўкі айчыннай дактрыны, лічу важным заснаваць пасаду народнага праваабаронцы правоў дзіцяці на рэгіянальным узроўні, напрыклад, у Мінскай вобласці. Гэты інстытут павінен абараняць правы і законныя інтарэсы дзіцяці, калі яны парушаюцца шляхам шкоднага ўздзеяння або бяздзейнасці з боку выканаўчых органаў улады, а таксама асобамі, на якія ўскладзена прадастаўленне дзяржаўных паслугаў. У межах сваёй кампетэнцыі я буду садзейнічаць эфектыўнай дзейнасці мясцовай улады, кантралюючы яе акты і дзеянні. 

Паважаныя выбаршчыкі! Заклікаю вас прыняць удзел у мясцовых выбарах 18 лютага і падтрымаць Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада) у маёй асобе!

Мяжа Барысаўскай цэнтральнай выбарчай акругі №28

726

Поделиться:

Комментарии (0)



    Написать комментарий: