Дзяржтэлебачанне арганізуе траўлю незалежных назіральнікаў за тое, што выкрываюць выбарчае махлярства

Менавіта, як цкаванне незалежных назіральнікаў за тое, што яны выкрываюць выбарчыя махінацыі рэжыму Лукашэнкі, можна расцаніць 18-хвілінны відэаролік на канале БТ1 у праграме «Панарама», які быў паказаны вечарам 16 лістапада бягучага года https://www.youtube.com/watch?v=8W4cdC2tCwA&feature=youtu.be&fbclid=IwAR28M-gsiROvzSxGuxeG7IopPxz4FeyqQMKUmJW09r0D4XSavmThMzqiCAI.

У роліку на 17-й хвіліне вядомы прапагандыст Андрэй Крывашэяў проста травіць, на мой погляд, людзей, якія наважыліся адкрыць вочы выбаршчыкам Беларусі на вельмі непрывабную сітуацыю з працэсам галасавання ў краіне. Дасталося і аўтару гэтых радкоў ад Крывашэява, якога язык не паварочваецца назваць журналістам. Ён чамусьці назваў мяне «псіхічна хворым з 1985 года, чалавекам з белым білетам».

Я быў акрэдытаваным назіральнікам на ўчастку №549 Коласаўскай выбарчай акругі №106 у Менску падчас так званых выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 7-га склікання. У ходзе назірання за папярэднім галасаваннем 15 лістапада на сваім участку я зафіксаваў 81 грамадзяніна, якія галасавалі. На працягу дня я вёў пільны падлік выдадзеных бюлетэняў і на хвіліну не адлучаўся з участку.

Пасля заканчэння галасавання старшыня ўчастковай камісіі на ўчастку №549 Дзмітрый Кузняцоў вывесіў пратакол, з якога вынікала, што бюлетэні для галасавання 15 лістапада атрымалі 268 выбаршчыкаў. Такім чынам, перавышэнне пратакольных лічбаў над сапраўднымі склала 187 чалавек. Дарэчы, па гэтым факце 16 лістапада мною пададзены неабходныя дакументы ў праваахоўныя органы з патрабаваннем распачынання крымінальнай справы – артыкул 192 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Зроблена гэта падчас наведвання Савецкага РУУС і перадачы заявы аб узбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненні да старшыні камісіі Дзмітрыя Кузняцова за масавую фальсыфікацыю вынікаў галасавання. Папярэдняй праверкай па справе заняўся лейтэнант міліцыі Мікалай Літвінчук.

Магчыма, гэты ўчынак і заахвоціў Андрэя Крывашэява распачаць ганенне маёй персоны і аб’явіць мяне ў эфіры дзяржтэлеканала «псіхічна хворым». Дарэчы, Крывашэяў ўжо публічна пакрыў сябе, на маю думку, ганьбай, калі назваў «буяным» сына вядомага грамадскага дзеяча Вазняка, які таксама назіраў за выбарчай кампаніяй у Палату прадстаўнікоў. Дзяржаўнаму прапагандысту давялося прыносіць няўклюдныя прабачэнні, паколькі паводзіны маладзёна Вазняка разгортваліся на тле атрыманай ім раней траўмы ў дарожна-транспартным здарэнні.

Зразумела, што выпад прапагандыста ў мой адрас нельга пакінуць па-за ўвагай. Таму наважаны падаць у суд зыск аб абароне сваіх гонару і годнасці з патрабаваннем дэзавуяваць дапушчаныя ў дачыненні да мяне выказванні ў эфіры БТ1 з выплатай  грашовай кампенсацыі ў памеры 5 тысяч рублёў за маральную шкоду падобна таму, як вымушана была дэзавуяваць падобныя заявы у мой адрас газета “Советская Беларусь” па майму судоваму пазову ў сярэдзіне 90-х гадоў.

Дарэчы, я скончыў сярэднюю школу ў 1977 годзе з залатым медалём і гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка ў 1983 годзе з адзнакай. Пасля гістфака служыў ў радах Савецкай арміі, а потым працаваў выкладчыкам гісторыі і настаўнікам англійскай і польскай моваў у гімназіі №2 горада Барысава. Там стварыў першы ў краіне незалежны настаўніцкі прафсаюз у складзе Канфедэрацыі працы Беларусі.

Доўгі час займаўся бізнэсам як індывідуальны прадпрымальнік, дырэктар і сузаснавальнік вытворча-камерцыйнай фірмы «Каларыт».

Апошнім чаксам перад выхадам на пенсію працаваў настаўнікам гісторыі ў Хаўхоліцкай сярэдняй школе Барысаўскага раёна ў 2008/2009 годзе.

На працягу жыцця актыўна выступаў супраць парушэнняў правоў чалавека і палітычных рэпрэсій у Беларусі. За шматлікія несанкцыянаваныя пікеты і ўдзел у мітынгах у абарону грамадзянскіх і палітычных правоў мяне дзясяткі разоў арыштоўвалі і штрафавалі. У агульнай складанасці, па палітычных матывах я адседзеў больш за паўгода ў ізалятарах часовага ўтрымання і выплаціў штрафаў на суму больш за 30 тысяч беларускіх рублёў.

Мая грамадская і праваабарончая дзейнасць атрымала высокую ацэнку дэмакратычнай грамадскасці ў краіне і за мяжой. Я з’яўляюся лаўрэатам прэміі «Хартыі-97» у намінацыі «За асабістую мужнасць» за 2000 год.

У 2001 годзе згодна з рашэннем ўрада ЗША мне далі палітычны прытулак і ўключылі ў склад атрымальнікаў бясплатнай медычнай дапамогі «MedicAid» у горадзе Атланта як асобе палітычных рэпрэсій.

Пасля трохгадовага знаходжання ў Злучаных Штатах я вярнуўся ў 2004 годзе на Радзіму, дзе ўключыўся ў палітычную барацьбу з рэжымам Лукашэнкі. У 2016 годзе мяне абралі старшынёй Менскай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), а праз два гады зноў даручылі гэтую пасаду.

Я жанаты. І ў мяне назапасіўся за 59 гадоў жыцця шэраг захворванняў, якія маюць многія беларускія працаўнікі ў гэтым узросце. Аднак яны не адносяцца да псіхічных і ў адпаведнаксці з заканадаўствам аб медычнай таямніцы не падлягаюць агалосцы.

Аляксандр АБРАМОВІЧ,

старшыня Менскай абласной арганізацыі БСДП (Грамада)

Кантактны тэлефон +375-295-675-416

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *