Крышталёвы свет барысаўчан у Маладзечне

Работы Пятра і Таццяны Арцёмавых былi ў калекцыях Клінтана і Брэжнева, прамысловыя распрацоўкі эскпанаваліся ў Парыжы і Нью-Дэлі, творы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Жоржа Пампіду і Надзеі Лежэ, а эксклюзіўныя экспазіцыі ўпрыгожваюць інтэр’еры ААН у Нью-Ёрку.

У Беларусі рукатворны цуд можна сустрэць у чатырох музеях: Нацыянальным мастацкім, Барысаўскім аб’яднаным, а таксама абласных Віцебскім і Мінскім, дзе ўвесь ліпень будзе працаваць выстава «Гармонія шкла».

Каля сотні аўтарскіх работ, ад мініяцюрных статуэтак да велічных ваз прадстаўляюць мастакі ў Маладзечне.  Усе яны — дэкаратыўныя, і лёгка могуць упрыгожыць як кватэру, дом, так і офіс.

—  Ёсць рэчы на час, а ёсць — назаўсёды, — кажа Таццяна Арцёмава. — Апошняе акурат пра прадукцыю Барысаўскага хрустальнага завода, якую можна ўбачыць практычна ў кожным доме. Цукерніцы, вазы, фужэры, графіны, падсвечнікі эпохі СССР людзі перадаюць з пакалення ў пакаленне. Яны — носьбіт часу, паказчык стылю, і адначасова рэч, якую немагчыма выкінуць.

Навуковы супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея Наталля Палтавец за творчасцю мастакоў сочыць даўно.

—  Талент гэтых людзей нараджае шэдэўры, —  кажа яна і запрашае бліжэй пазнаёміцца з работамі, якіх не ўбачыш на паліцах магазінаў.

«Парад планет» з  «Зорным бюракратам», «Бутоны» з «Прышэльцамі». Прыслухаешся — пачуеш «Нараджэнне чыстага гука», прыгледзішся — убачыш «Хрустальны танец» і адчуеш, як ступае па зямлі «Сакавік».

Арцёмавы ніколі не скардзіліся на недахоп ідэй, толькі на немагчымасць запусціць асобныя свае работы ў серыйную і масавую вытворчасць. «Купалле» і «Парад планет», створаныя сямейнай парай, сталі падарункам для прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі Біла Клінтана: былі ўручаны пад час першага афіцыйнага візіту дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у ЗША. Работы барысаўскіх мастакоў выстаўляліся ў Будапешце, Брно, Познані, Варшаве, Лондане, Токіа, Хельсінкі, іх можна было ўбачыць ў асабістых калекцыях Леаніда Брэжнева, Ціма Сарпанева, Алены Абразцовай.

Пётр і Таццяна  — прадстаўнікі мінскай школы мастацкага шкла. Абое закончылі Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, абое пачыналі на Барысаўскім заводзе. Адмовіўшыся ад дробнай, мальцаўскай грані, якая на той час прымянялася ў апрацоўцы шкла, маладыя спецыялісты пачалі працаваць на кантрасце шурпата-матавых  і гладка-бліскучых паверхняў, ствараючы мастацкія вобразы за кошт формы, колеру, геаметрычнага гранення і шліфавання.

—  Абое мы родам з Расіі, — расказвае жанчына. — Карані мужа ў Калужскай вобласці, мае — у Стаўрапольскім краі. Даўно прыкіпелі сэрцам да Беларусі, да людзей, да культуры, мовы. Я, напрыклад, заўсёды з задавальненнем чытала творы Купалы, Коласа, Мележа, Шамякіна. А жывучы на дачы, сярод вяскоўцаў, старалася як мага больш размаўляць па-беларуску, запамінаць мясцовыя слоўкі. Усё гэта напаўняла нейкім унутраным святлом, сэнсам, дапамагала тварыць, прыдумваць вобразы.

Не адвесці вачэй ад «Яблыневага цвету», вазы «Урачыстасць», «Залатога пеўня», якога яны з мужам прыдумалі ў якасці прыза для пераможцаў конкурса маладых выканаўцаў міжнароднага фестывалю «Славянскі базар-95».

Талент гэтых людзей адзначаны дзясяткамі медалёў, ганаровых грамат, падзячных пісьмаў. Іх работы экспанаваліся на рэспубліканскіх, усесаюзных і замежных выставах.

—  Людзі падыходзілі, размаўлялі, прасілі прадаць тую альбо іншую рэч, прычым за любыя грошы, —  кажуць Пётр і Таццяна. — Мы былі непахіснымі, таму што хочам застацца ў памяці перш за ўсё на сваёй зямлі. Дый пра што можа нагадаць работа «Купалле» чужаземцу, калі свята наша, спрадвечна беларускае.

Марына Сліж, mlyn.by

Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *