Пад Барысавам вяскоўцы запісалі відэазварот да нашчадкаў

У вёсцы Леванова, што на Барысаўшчыне, прайшла традыцыйная сустрэча землякоў — свята ўнікальнае і па-сапраўднаму самабытнае. Кожны год яно аб’ядноўвае каля 100 чалавек. Сёлета сустрэча праходзіла ў рамках Года малой Радзімы і ўшанавала тых землякоў, якія ваявалі падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Цэнтрам свята па традыцыі стала бібліятэка-музей народнай творчасці і побыту. Яе дворык ператварыўся ў стылізаваную пляцоўку беларускай народнай культуры. Тут разгарнулася сапраўдная “этнаграфічная паляна” з экспанатамі музея.

Збірацца ля бібліятэкі госці пачалі задоўга да афіцыйнага пачатку. Да 11 гадзін яны запоўнілі месцы ў дворыку і шчыльным паўколам размясціліся каля агароджы — мясцовыя, прыезджыя, амаль усе з сем’ямі.

— У Леванове свята сустрэчы землякоў праходзіць дзявяты раз і па традыцыі ў чэрвені, — распавядае бібліятэкар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Каладзеева Святлана Шчэрба. — Першая сустрэча ладзілася ў 2011 годзе пад назвай “Лёсам звязаны з Радзімай”. Тады сюды з’ехалася больш за 200 чалавек, якiя і заснавалі традыцыю.

Сёлетняе свята праходзіла ў рамках Года малой Радзімы і мела назву “У сэрцах і думках памяць пра вайну”. Было прысвечана жыхарам, якія аддалі жыццё за мірнае неба над галавой. У вёсцы Леванова падчас Вялікай Айчыннай загінуў 41 чалавек, вярнуліся — 23.

— Чаму трэба памятаць пра вайну? — пытае і адказвае Святлана Шчэрба. — Каб больш не даводзілася аплакваць тых, хто загінуў на фронце; тых, хто ахвяраваў сабой дзеля нас. Прыемна адзначыць, што адным з вядучых на сёлетняй сустрэчы быў палкоўнік Алег Шчэрба, ветэран баявых дзеянняў, кавалер ордэнаў «За ваенныя заслугі», «За заслугі перад Айчынай».

Асаблівая ўвага была нададзена і Міхаілу Шчэрбе, які ваяваў у Афганістане, быў узнагароджаны Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, медалём “За баявыя заслугі”, а таксама мае ўзнагароды афганскага ўрада і камандавання. Аб сваім дзяцінстве Міхаіл распавядаў так, нібы гэта было ўчора. Тут ён нарадзіўся, вырас, потым пайшоў у армію. Праўда, тады яшчэ не здагадваўся аб сваёй будучай ваеннай кар’еры, аб тым, што наперадзе чакае Самарканд, Куба, Афганістан…

― Мой бацька быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, і можна сказаць, што па яго слядах пайшоў і я, ― кажа Міхаіл Шчэрба. ― Часта прыязджаю ў Леванова, і хоць няма ўжо бацькоў, тут мае карані, тут жывуць мае самыя блізкія людзі, сябры, тут часта ўспамінаю дзяцінства…

Сённяшні воін-інтэрнацыяналіст прызнаецца, што Леванова, на жаль, апусцела. Калісьці жыццё ў вёсцы кіпела, цяпер засталося толькі сто хат.

Землякам і гасцям мерапрыемства арганізатары паказалі фатаграфіі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай, а на “Сцяне памяці” кожны змог запісаць імёны родных, што аддалі жыццё на розных войнах.

Усе жадаючыя ў гэты дзень запісалі відэазварот да нашчадкаў і расказалі ім пра тое, як жылі і ваявалі прадзеды.

Ганарацца жыхары Леванова славутымі землякамі. Сярод іх — экс-міністр інфармацыі, а зараз старшыня беларускага “Саюза выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў друку” Лілія Ананіч, экс-міністр транспарту і камунікацыі, цяпер генеральны дырэктар аднаго з прамысловых прадпрыемстваў сталіцы Іван Шчэрба, і многія-многія іншыя.

— Не першы год свята сустрэчы землякоў збірае нас у роднай вёсцы, — кажа Іван Шчэрба. — Вельмі прыемна, што і сёлета на малую радзіму прыехала шмат землякоў. Гэта значыць, што мы трымаемся за зямлю, за сваю малую радзіму, не забываем вытокаў. І гэта вельмі важна. У сэрцы кожнага няхай будзе родны кут, няхай нашыя дзеці, іх дзеці, а значыць — нашыя ўнукі, праўнукі, прыязджаюць сюды, у Леванова, не забываюць, што галоўная сцяжына ў іх жыцці пачалася адсюль.

Жанчыны з клуба «Субацея», які дзейнічае пры Леваноўскай бібліятэцы-музеі, на працягу сустрэчы дарылі землякам сваю творчасць. Радавалі прысутных добрымі песнямі саліст СДК пасёлка Усяж Смалявіцкага раёна, саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча Улад Качан, уладальніца гран-пры Беларускага фестывалю-конкурсу песні Ганны Герман «Эўрыдыка», лаўрэат фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне Ніна Жукоўская і многія іншыя.

Скончылася сустрэча, але яшчэ доўга не разыходзіліся аднавяскоўцы — гутарылі, а пасля доўга развітваліся, з абяцаннямі сустрэцца праз год…

Першакрыніца: mlyn.by

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *