Волю кажанам! «Кажанаполіс» выпускае рукакрылых

23 сакавіка а 18:30 у парку Чалюскінцаў у Мінску адмыслоўцы цэнтра па ратаванні рукакрылых будуць выпускаць на волю кажаноў, што зімавалі ў «Кажанаполісе».

«Тэмпература ўначы ўжо спрыяльная для рукакрылых, таму мы прынялі рашэнне разбудзіць нашых кажаноў і адпусціць назад у дзікую прыроду», – тлумачыць галоўны хіраптэролаг цэнтра Аляксей Шпак.

«Кажанаполіс» быў створаны летась дзякуючы намаганням Мінскага гарадскога аддзялення грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства і Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах.

Сёлета ў вядомай лядоўні «Кажанаполіса» перазімавала больш за тры дзясяткі кажаноў. Большая частка – гэта двухколерныя кажаны. Кампанію на зімоўцы ім склалі некалькі позніх кажаноў. Усе яны маглі загінуць, калі б не трапілі сюды. Рэч у тым, што кажаны ў халодны сезон засынаюць, рытм сэрца ў іх запавольваецца, а тэмпература паніжаецца. Калі іх патурбуюць у гэты час, то да вясны яны хутчэй за ўсё не дажывуць. На тое, каб прачнуцца, яны трацяць амаль усю сваю энергію. А аднавіць яе няма чым: насякомых, якімі харчуюцца кажаны, узімку яны не адшукаюць.

Знойдзеных узімку кажаноў мінчукі прыносілі ў цэнтр, дзе Аляксей Шпак іх узважваў, пры неабходнасці дакормліваў і змяшчаў у лядоўню.

Валанцёры “Кажанаполіса” кажуць дзякуй усім, хто ім пісаў, тэлефанаваў і прыносіў рукакрылых. На дварэ вясна, а значыць, час кажанам прачынацца з зімняй спячкі.

Засталіся пытанні пра кажаноў? Прыходзьце, каб на свае вочы пабачыць гэтых мілых істот! Сустракаемся ля галоўнага ўваходу ў парк Чалюскінцаў а 18:30 у гэтую суботу, 23 сакавіка.

Кантактная асоба для прэсы: Наста Рэзнікава, валанцёр АПБ 8 (029) 825-97-26, reznikava@gmail.com.

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі “BirdLife International”, у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны. АПБ — гэта больш за 2500 сябраў, валанцёраў і прыхільнікаў, больш за 130 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *