Новы для Беларусі від птушак адзначаны ў Мінску

9 сакавіка на сажалцы ў раёне Шабаноў у Мінску была адзначаная палярная чайка – марская птушка, якая рэдка залятае ўглыб сушы. Назіранне новага для краіны віду зрабіла арнітолаг Ірына Самусенка, сябра Цэнтральнага Савета грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.

Палярная чайка гняздуецца на скалах у паўночна-усходніх узбярэжжах Канады і ў Грэнландыі. Зімуюць птушкі на поўначы Атлантыкі, таксама на Паўночным моры. А вось на Балтыку залятаюць параўнальна рэдка.

Рэдактар сайта “Птушкі штодня”, арнітолаг Дзмітры Вінчэўскі заўважае, што палярная чайка ў Літве адзначалася толькі аднойчы, у 1954 годзе на марскім узбярэжжы, а ў Польшчы ўпершыню адзначаная ў 1974 годзе, з таго часу рэгістравалася 40 разоў, прычым амаль 70 % усіх сустрэч  адбыліся на марскім узбярэжжы ці ў партах і пераважна ўзімку.

Ірына Самусенка – загадчыца лабараторыі арніталогіі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах. У выходныя яна рабіла ўлікі чаек на сталічных вадаёмах, падчас якіх зрабіла сотні фота гэтых птушак. Пераглядаючы ўвечары здымкі, яна заўважыла буйную белую чайку. Эксперты па чайках Заходняй Палеарктыкі ўзгаднілі вызначэнне віду і нават удакладнілі ўзрост птушкі. Палярнай чайцы каля двух гадоў.

“Хутчэй за ўсё, птушка трапіла да нас разам з моцнымі заходнімі вятрамі, якія былі на мінулым тыдні, – кажа Ірына Самусенка. – Гэты залёт – яшчэ адно сведчанне  кліматычных зменаў. Чайкі – цікавая і вельмі пластычная група птушак, якая ў апошнія дзесяцігоддзі значна эвалюцыянуе, адаптуецца да зменаў ва ўмовах жыцця. Чайкі прызвычаіліся харчавацца на сметніках, прыляцелі ў гарады не ад добрага жыцця. Змяняецца клімат, трансфармуюцца іх натуральныя месцы пражывання. Многія віды пашыраюць арэал, каб знайсці лепшыя ўмовы для гнездавання, гадавання нашчадкаў.”

Дзякуючы актыўным назіранням арнітолагаў і бёрдвочараў, толькі за апошнія гады ў Спіс птушак краіны дадаліся камчацкая чайка, жоўтаногая чайка і чайка-бургамістр, прычым апошнія два віды ўпершыню адзначаны ў наваколлі Мінску і ў абодвух выпадках рэгістрацыі адбыліся з удзелам Ірыны Самусенка. Палярная чайка – выпадкова залётны від. Наступны раз птушка можа заляцець у Беларусь праз год, а можа і праз 50 гадоў.

Калі Беларуская арніта-фаўністычная камісія зацвердзіць гэтую рэгістрацыю палярнай чайкі, від стане 334-м у Спісе птушак Беларусі. Сёння ў Спісе 332 віды, зацвярджэння яшчэ чакае таксама адкрытая 2018 годзе стрынатка-рэмез.

Фота Аляксандра Вінчэўскага

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *