Убачыў першага бусла – занясі дату на сайт!

З 1 сакавіка па 31 траўня можна далучыцца да стварэння інтэрактыўнай карты вясны, якую нясуць нам птушкі. Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” тлумачыць, як паўдзельнічаць у міжнароднай кампаніі “Жывая вясна”.

Якія птушкі лічацца вестунамі вясны?

Раней вестунамі “Жывой вясны” былі абраныя пяць птушак, якіх адносна лёгка пазнаць: белы бусел (белый аист), вясковая ластаўка (деревенская ласточка), чорны свіргуль (черный стриж), зязюля (кукушка) і шчурка-пчалаедка (золотистая щурка). Сёлета да іх дадалася ластаўка-зямлянка (береговая ласточка).

Пабачыўшы адну з гэтых птушак – зрабіце пазнаку на спецыяльным сайце. Людзі з розных краін Еўропы штогод разам складаюць анлайн-карту прыбыцця птушак з Афрыкі на Радзіму. На карце можна будзе ўбачыць, як гэтыя абраныя птушкі набліжаюцца да Беларусі! Напрыклад, пяць буслоў і зязюлю ўжо сустрэлі ў Ірландыі, яшчэ адна зязюля разам з буслом і вясковай ластаўкай адзначылася ў Румыніі, а свіргуля бачылі на Кіпры і ў Ізраілі. Чым больш птушак прыляцела, тым больш цёмны колер будзе афарбоўваць кожны рэгіён краіны-ўдзельніцы на карце.

Калі звычайна гэтыя птушкі прылятаюць у Беларусь?

У 10-х чыслах сакавіка звычайна вяртаюцца ў краіну першыя буслы, у першай палове красавіка – вясковыя ластаўкі і зязюлі, напрыканцы красавіка і ў пачатку траўня – ластаўкі-зямлянкі і свіргулі, у канцы траўня –  шчуркі-пчалаедкі.

Як дадаць назіранне?

Выходзь на прыроду з дзеткамі і прыглядайся да птушак! Калі ўбачыш ці пачуеш птушак “Жывой вясны” – зарэгіструй назіранні зручным для сябе спосабам:

на сайце “Жывой вясны” пры дапамозе формы “Дадаць назіранне”

апісаць пра сваё назіранне ў суполках у сацыяльных сетках Facebook і Вконтакте.

Навошта сустракаць птушак? – Для мяне вясна заўсёды пачынаецца са спеваў птушак. Менавіта яны сваімі звонкімі галасамі нагадваюць, што нават за самымі халоднымі днямі наступаюць цёплыя і сонечныя вясновыя. Акцыя «Жывая вясна» неверагодна цёплая і атмасферная, а самае галоўнае – яна вельмі важная для прыроды! Яна расказвае нам пра тое, які дзівосны шлях пераадольваюць птушкі, каб стварыць свае ўтульныя гнёзды ў роднай Беларусі. І як згадана ў многіх вершах і творах, вяртацца заўжды прасцей, калі цябе чакаюць! Давайце ўсе разам чакаць і сустракаць нашых птушак! Каб нягледзячы на ўсе цяжкасці і небяспекі, якія могуць ім сустрэцца на доўгім шляху, яны прыляцелі да нас!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *