Мы в соцсетях:

15-02-2018 12:30

Культура


“Святло далёкай зоркі"

Экспазіцыя з гэтай назвай дэманструецца ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева

У самім мастацкім фондзе знаходзіцца больш за 80 твораў жывапісу і графікі, пераважна мясцовых аўтараў. 


“Святло далёкай зоркі” – гэта дэманстрацыя-успамін пра вядомых барысаўскіх мастакоў, якіх ужо няма з намі. Але іхныя творы і надалей натхняюць маладых творцаў і вабяць вока наведвальнікаў бібліятэкі. Сімвалічна, што гэтая выстава адчынілася амаль адначасова з іншай выставай – выставай маладых мастакоў, пра якіх мы ўжо пісалі. “ARTерия” і “Святло далёкай зоркі” ў мяне арганічна звязаліся ў адну падзею, бо творчасць такіх вядомых майстроў, як Мікола Кісялёў, Сурэн Мірзаян, Мікалай Цудзік, Ігар Ясянецкі і асабліва Мікола Рыжы цікавая і вельмі актуальная для маладых творцаў і сёння. Тое, што пакінулі гэтыя майстры нашчадкам абавязвае маладзейшых “быць на ўзроўні”. Творы, згаданых вышэй мастакоў, упрыгожваюць дзяржаўныя і прыватныя калекцыі па ўсяму свету. Маладых творцаў з ARTерии можна смела залічыць у плюс культурнага жыцця нашага гораду. 
 

Выставы “Святло далёкай зоркі” і “ARTерия” ўзаемна ўзбагачаюць адна адну. Гэта адзін вялікі цуд: магія яркіх, жывых фарбаў, сціплыя і строгія лініі тонкага алоўка натхняюць мяне на суперажыванне. А памяць прапануе напаўзабытыя жыццёвыя сюжэты і яркія сустрэчы. Напрыклад, з Міколам Рыжым. 
 

30 сакавіка 2017 году ён пайшоў ад нас. На выставе я ўгледзілася ў дзве ягоныя графічныя працы: “Партрэт Адама Міцкевіча” і “Сучаснікам і нашчадкам”. Апошняя прысвечана Скарыне і кнігадрукаванню. Яна ж і, свайго роду, запавет-развітанне з намі, тымі, хто ведаў яго асабіста і памятае як добрага, адкрытага, шчырага беларуса. Цяперашняя выстава “Святло далёкай зоркі” будзе доўжыцца да 31 сакавіка ўключна ў вянок ягонай памяці. 


З Міколам Рыжым мы пазнаёміліся амаль 30 гадоў таму. Тады я выкладала англійскую мову на моўных курсах у адным навучальным цэнтры ў Барысаве. У суседнім пакоі ў Міколы была майстэрня. Часам мы сустракаліся за кубачкам кавы ці гарбаты. Аднойчы Мікола прапанаваў мне папазіраваць каб нарысаваць алоўкам мой партрэт. Ён зрабіў некалькі эскізаў. Я бачыла незадаволенасць на ягоным твары тым, што атрымлівалася.. . Неўзабаве скончыліся курсы, і на нейкі час вірлівае жыццё нас развяло ў розныя бакі. Неяк мы сустрэліся ў рэдакцыі “Барысаўскіх навінаў”, дзе я працавала. Тады Мікола ўжо хварэў і часта ездзіў у абласную лякарню. Але мне ніяк не верылася ў сур’ёзнасць ягонай хваробы. Столькі сіл і энергіі было ў тым чалавеку, які не жадаў здавацца перад нейкай там хваробай, працягваючы ладзіць свае выставы у Мінску. 


Аднойчы, вярнуўшыся з замежнай камандзіроўкі, я знайшла на сваім стале ў рэдакцыі стары нумар “БН”, у якім нешта ляжала. Мае калегі сказалі, што прыходзіў нейкі чалавек да галоўнага рэдактара і не знайшоўшы яго стаў пытацца пра мяне. Перад сваім адыходам ён паклаў нешта мне на стол са словамі: “Хай паглядзіць. Яна адразу здагадаецца, хто да яе прыходзіў”. Разгарнуўшы газэту, ў мяне ў руках апынуўся… мой партрэт. Тады ж, у той самы дзень я вырашыла зрабіць відэарэпартаж пра Міколу і пайшла да галоўнага рэдактара, каб зацвердзіць свой намер. Шэф патэлефанаваў Міколе, і мы ў той жа дзень паехалі да яго ў майстэрню.
 

- Калi прыедзем, не спяшайцеся адразу рз6іць фотаздымкi, - зазначыу галоуны рэдактар. - Прыглядзімся, магчыма, прыйдзецца яшчэ раз прыехаць, хто ведае.

Але Мiкола наадрэз адмовіўся фатаграфавацца, маўляу, як-небудзь іншым разам.

Аднак iншага разу ўжо не было. Неўзабаве яго не стала.

Цяперашняя выстава «Святло далёкай зоркі» грэе сэрца, паколькі памяць пра чалавека не памiрае. Мікола Рыжы пакінуў ілюстрацыі да гiстарычныx i дзіцячых кніжак, малюнкі паштовых марак, шматлікія графiчныя творы i помнік жыхарам вёскi Уцехі. А яшчэ паспеў дэкарыраваць сцены Ірландскага пабу, які сёння стаў месцам адпачынку i асяродкам, дзе збіраюцца цікавыя людзі горада Барысава.

Нагадаю, што выстава знакамітых мастакоў у ЦРБ імя І.Х. Каладзеева працуе да 31 сакавіка ўключна.

 

Вольга ПЛЯТЭР

3970

Поделиться:

Комментарии ()



    Написать комментарий: