Мы в соцсетях:

13-04-2018 13:30

Местные новости


«Чароўнага лесу скарбонка»

4 красавіка ў мастацкай галерэі «З’ява» адкрылася выстава з цікавай і незвычайнай назвай «Чароўнага лесу скарбонка».

Чаму яна так называецца, тлумачыць удзельнік вернісажу Пятрусь Вуглоў (на здымку).

– Лес, як мне падаецца, сапраўды нагадвае чароўную скарбонку. Напрыклад, калі мне здараецца бываць у лесе, складаецца пачуццё, нібы я трапіў у нейкую казку. У кожнага дрэва свая таямніца, незабыўны пах і асабістая энергетыка. Калі прыслухацца, дык нават сухое дрэва нашэптвае пра гэта.

  Для Пятруся Міхайлавіча лясныя дрэвы быццам жывы матэрыял, які падказвае майстру, што з яго можна зрабіць. Тым больш, што цікавасць да дрэва ў майстра з дзяцінства.

Пятрусь нарадзіўся на вёсцы Прылессе Талачынскага раёну. Ягоны дзядуля Адам Дзянісавіч быў бондарам, вядомым ад Оршы да самага Барысава.

– Калі раней прыязджаў у родную вёсачку, бачыў стары бацькоўскі сад, калгасныя яблыні і мне было вельмі балюча. Яны стаялі замшэлыя, а побач збіралася рознае смецце.  І я пачаў прыглядацца да пасохлых дрэваў, збіраў састарэлыя карані або ствалы, з якіх потым рабіў сталы, палічкі і прыгожыя крэслы-фатэлі. Аднойчы ўбачыў вялізны, корань дуба-асілка. І мне захацелася зрабіць з яго штосьці незвычайнае. Так узнікла думка стварыць «Дзявочы куточак», які сёння прысутнічае на выставе. Лічу, што гэта вельмі прыгожы экспанат – столік з падстаўкай для люстэрка зроблены з таго самага дубовага кораня. Ён быў  вялізны, i мне прыйшлося яго самому вывозіць з лесу. 

Вы ведаеце, я люблю сваю справу. Таму ў дамашняй майстэрні правожу доўгі час і нават магу заначаваць. Засмучае толькі адно, што ў мяне да гэта часу няма вучня, якого хацелася б навучыць усяму, што ведаю і раблю сам. Час ад часу ў майстэрню заглядваюць хлопцы і нават дзяўчаты. Яны разглядваюць мае вырабы, садзяцца на тахту і кажуць: «Прыгожа атрымліваецца, Пятрусь Міхайлавіч, але ж гэта такая цяжкая праца». А потым развітваюцца і больш не прыходзяць. Спадзяюся, што з цягам часу знойдзецца нейкі чалавек, які будзе не толькі з захапленнем глядзець на мае вырабы, але захоча разам са мной працаваць.

Цудоўны дадатак выставы – ажурныя дываны Веры Панкавец, якая з’яўляецца суседкай Пятруся Вуглова. Пятруся і Веру аб’ядноўвае прага да творчасці ды радасць ствараць прыгожае сваімі рукамі.

– Дываны пачала вырабляць каля года таму. Раней вязала кручком хусткі і сурвэткі. Ажурныя дываны – гэта вялікія сурвэткі, якія вяжу з поліэфірнага тоўстага шнура. Падчас майстар-класа я планую расказаць, як трэба працаваць з дыванамі, і пакажу некалькі прыёмаў.

Мне вельмі падабаецца гэты занятак, а таму магу працаваць 10-12 гадзін у дзень. Ружовыя, зялёныя, жоўтыя дываны…

Здаецца, што ў кожны з іх укладзена маё сэрца.

На пытанне аб творчых планах Вера Панкавец заўважыла:

Мне вельмі хочыцца паспрабаваць вязаць гаспадарчыя сумкі. Дарэчы, з імі ўжо працуюць іншыя майстрыцы, і ў мяне, як кажуць, ад гэтага аж дух займаецца.

Напрыканцы прэзентацыі Вера Мікалаеўна расказала пра сваю сям’ю, чым займаецца, што яе хвалюе і г.д. дарэчы, родная сястра Веры пражывае ў Краснадарскім краі, і таксама працуе з дыванамі і збіраецца асвоіць жаночыя сумкі.

– Паверце, мы з ёю нi аб чым не дамаўляліся. Проста ўсё жыццё адчуваем адна адну як родныя сёстры, – адзначыла Галіна Панкавец на развітанне.

Выстава «Чароўнага лесу скарбонка» адкрыта для наведвальнікаў да 26 красавіка ўключна ў ЦРБ імя І.Х. Каладзеева ў Барысаве.

Вольга ПЛЯТЭР

958

Поделиться:

Комментарии ()



    Написать комментарий: